КАСКА́ДНЫЯ ГО́РЫ (Cascade Range),
хрыбет у зах. поясе Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША і Канадзе. Даўж. каля 1000 км. Некалькі дзеючых і патухлых вулканаў (Рэйнір, 4392 м — найб. вышыня хрыбта; Шаста, 4317 м; Ласен-Пік, 3187 м, і інш.) узвышаюцца над моцна расчлянёным вулканічным пласкагор’ем (выш. 1800—2500 м). Складзены з мезазойскіх крышт. і палеагенанеагенавых вулканічных парод. Радовішчы медзі і золата. Вяршыні ўкрыты снежнікамі і ледавікамі. На схілах фумаролы і гарачыя крыніцы. Шматлікія каскады вадаспадаў на рэках Калумбія, Фрэйзер, Кламат і інш. далі назву хрыбту. На схілах хвойныя лясы, вышэй за 2800—3000 м субальпійскія і альпійскія лугі. Нац. паркі: Крэйтэр-Лейк, Маўнт-Рэйнір, Ласен-Волканік (ЗША).
т. 8, с. 143
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)